![]() |
|||||
| |||||
![]() Другая сусветная вайна Успамінае: Корзюк Я.В. |
Другая сусветная вайна (1939-1945)Успаміны Яна Віктаравіча Корзюка
Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі. Успамінае Ян Віктаравіч Корзюк, 1926 года нараджэння, жыхар в. Суцін: "Калі прыйшлі немцы, то загадалі выбраць старасту. Сабраўся сход, на ім абралі старастам майго бацьку Віктара Францавіча Корзюка. Бацька нават на тым сходзе не быў, і для яго гэта абранне было зусім нечаканае і непажаданае. А абралі бацьку, маўляў, з-за таго, што ён ведаў нямецкую мову, бо яшчэ ў Першую сусветную вайну трапіў у нямецкі палон і аж 6 год прабыў у Германіі. Цэлы год мой бацька быў старастам у Суціне. Цяжкая гэта была справа. Днём немцы, а ноччу партызаны - як ім дагадзіць? Бацька прыпісаў сюды 120 чалавек акружэнцаў, стараўся суцінскім людзям зрабіць як лепш. У сакавіку 1942 г. гэтых прыпіснікоў сазвалі ў камендатуру і адправілі ў лагер для ваеннапалонных. Бацька некаторым падказаў, каб яны не ішлі, то тыя выратаваліся. Вясною гэтыя акружэнцы арганізавалі партызанскі атрад імя Суворава. Аднойчы да нас прыйшоў з асобага аддзела партызанскага атрада чалавек - Весялоў - і сказаў, каб бацька тэрмінова адмовіўся ад пасады старасты. "Мы цябе ведаем, што ты наш чалавек, але ўсім жа гэта не раскажаш. Цяпер партызанаў шмат у лесе. Прыдуць ноччу, расстраляюць усю сям'ю і хату спаляць". Бацька напісаў заяву і ўсе справы Суцінскай воласці перадаў у Тальку. Сапраўды, у Суціне партызаны расстралялі 22 чалавекі. Бацькавага брата Адвэрта і яго жонку забілі за тое, што ён неяк назваў партызанаў бандытамі, сказаўшы, што, маўляў, куды гэтыя ўлады глядзяць, што не могуць палавіць гэтых бандытаў. Каля 30 чалавек з Суціна пайшлі супрацоўнічаць з немцамі. Бывала, у адной сям'і людзі аказваліся па розныя бакі барыкадаў. Памятаю Альбіну Скіндэр. Прыгожая дзяўчына, іграла на гармоніку, спявала, танцавала. Два яе браты пайшлі ў паліцыю, а яна выйшла замуж за Захарэвіча Стася, які быў у партызанах. Малодшы брат Захарэвіча служыў у РВА генерала Уласава, потым і Стась перайшоў з партызан да немцаў у РВА. Хто з іх выжыў, выехалі ў Аўстралію і цяпер там жывуць. Бацьку майго, хоць і не зрабіў ён нічога дрэннага людзям, саслалі пасля вайны ў Мардовію. 10 год там адпрацаваў у лагеры, памёр у 1980 годзе". уверх |
||||