![]() |
|||||
| |||||
![]() Другая сусветная вайна Успамінае: Корзун У.А. |
Другая сусветная вайна (1939-1945)Успаміны Уладзіміра Аляксандравіча Корзуна Успаміны Уладзіміра Аляксандравіча Корзуна, 1910 года нараджэння. Ён перад вайной жыў у в. Стараселле і працаваў настаўнікам у Хідранскай школе. Восенню 1942 г. карны нямецкі атрад спаліў вёскі Балоча і Чырвоны Маяк за тое, што партызаны зрабілі на немцаў засаду каля Балочы. Быў забіты брат Уладзіміра Іван, пазней немцы забілі бацьку і спалілі ў в. Арэхаўка маці. Сам жа Уладзімір Аляксандравіч, яго жонка Кацярына і чацвёра дзяцей цудам выратаваліся. Хату іх спалілі немцы ў Чырвоным Маяку, і яны гаравалі па сваяках. У чэрвені 1943 г. Корзун пайшоў у партызаны - ваяваў у атрадзе № 212 на Асіповіччыне і ў атрадзе Тарасава на Пухавіччыне. Свае ўспаміны Уладзімір Корзун запісаў у 1976 г., а ў 2004 г. яны былі надрукаваны асобнай кніжкай у г. Маладзечна пад назваю "Успаміны і роздум". "Заканчвалася восень 1942 года. Пачынаўся перыяд найбольш масавага знішчэння насельніцтва на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Немцы забівалі людзей за сувязь з партызанамі, партызаны знішчалі людзей за сувязь з немцамі. Ратуючыся ад немцаў, людзі ўцякалі ў лясы, ішлі да партызан. Ратуючыся ад партызан, людзі ўцякалі пад ахову нямецкіх гарнізонаў. Але там іх не хацелі дарэмна карміць, а прымушалі ісці ў паліцыю і браць зброю. За лета 1942 года з'явілася шмат новых партызанскіх атрадаў. Усё, што патрэбна было партызанам - прадукты, адзенне, - яны бралі ў насельніцтва, забіраючы часта апошняе. Асабліва праявіў сябе прыхільнікам садысцкіх здзекаў над людзьмі нейкі Ціхаміраў. Гісторыя атрада Ціхамірава такая. Вясной 1942 года Ціхаміраў быў пасланы старшым групы партызан для дыверсіі на чыгунцы з атрада, які вырас за ракой Беразіной у Клічаўскіх лясах. Ціхаміраў вырашыў не варочацца ў свой атрад, дзе ён быў усяго камандзірам аддзялення і вымушаны быў выконваць указанні іншых, а арганізаваць свой атрад, дзе ўся ўлада будзе належаць яму. У гэты час кожны сельсавет быў перайменаваны ў воласць. У кожнай воласці на сходзе сялян быў выбраны старшыня і сакратар воласці. Нямецкія ўлады дазволілі мець пры кожнай воласці некалькі паліцэйскіх, якім выдалі зброю і боепрыпасы. Паліцэйскія ніякай аховы спярша не неслі. Яны спалі ў сваіх хатах, як і старшыня і сакратар воласці, а будынак воласці нанач замыкалі, і ніхто яго не ахоўваў. Днём на работу, дакладней, пасядзець і памянціць языкамі, прыходзілі старшыня і сакратар, а таксама адзін паліцэйскі "на дзяжурства". Такі распарадак быў у нашай Балоцкай воласці, такія парадкі былі і ў іншых глыбінных воласцях. Ціхаміраў рабіў начныя вылазкі ў вёскі, дзе былі воласці, распытваў, дзе жывуць паліцэйскія, заходзіў са сваімі партызанамі, адзетымі ў нямецкую вайсковую форму, і арыштоўваў паліцэйскіх. Паліцэйскія супраціўлення не аказвалі, спадзеючыся, што гэта нейкае непаразуменне. Ціхаміраў забіраў зброю, боепрыпасы, а паліцэйскіх расстрэльваў. Забіваў таксама і старшыню воласці. Па меры накаплення зброі і боепрыпасаў ён набіраў людзей у свой атрад. Атрад яго хутка рос. Па вёсках было шмат так званых прыпіснікоў. Гэта былі былыя ваеннапалонныя, якія прыпісаліся ў чужую сям'ю ў якасці сваякоў. Некаторыя прыставалі ў прымы, жаніліся. Ціхаміраў забіраў іх, пагражаючы расстрэлам за тое, што яны здрадзілі радзіме -парушылі воінскую прысягу і не вядуць барацьбы з немцамі. Потым, добра напалохаўшы, дароўваў прыпісніку жыццё, папярэджваючы, што свой учынак перад радзімай ён павінен змыць сваёй крывёй у барацьбе са здраднікамі і ворагамі, даваў зброю і залічваў у атрад. Стварыўшы такім чынам атрад, ён пачаў аперацыю супраць здраднікаў радзімы. Каго ён лічыў здраднікам радзімы? Усіх камуністаў, якія жылі дома, хоць і не служылі немцам. Усіх былых савецкіх служачых. А таксама тых, хто пайшоў на працу да немцаў на прадпрыемствы, установы. Карацей кажучы, усіх, хто не браў зброі і не забіваў фашыстаў. Многія з іх былі пасланы падпольнымі арганізацыямі на работу да гітлераўцаў, каб атрымліваць неабходныя звесткі аб планах і задумах немцаў. За кароткі час усе гэтыя людзі былі знішчаны, у выніку чаго партызанскія атрады і падпольныя групы засталіся без сувязных. Тады Магілёўскі падпольны абком партыі даў заданне кіраўніку Асіповіцкага партызанскага атрада Каралёву Мікалаю Піліпавічу арыштаваць Ціхамірава і расстраляць. Але гэта аказалася не так проста зрабіць, бо на неаднаразовыя выклікі Ціхаміраў не адгукаўся. Перабіўшы не адну сотню людзей, Ціхаміраў убачыў, што вельмі многіх ён прымусіў уцякаць у нямецкі гарнізон. Да таго ж, некаторыя з прыпіснікоў уцяклі з яго атрада ў паліцыю, бачачы зусім беспадстаўнае знішчэнне людзей. І Ціхаміраў уціхамірыўся, пацішэў. Ён падпарадкаваўся рашэнню перабазіравацца са сваім атрадам у Заходнюю Беларусь. Яму даравалі ранейшае, а к канцу вайны прысвоілі званне палкоўніка і Героя Савецкага Саюза. Колькі было такіх, як Ціхаміраў, сярод партызан Беларусі, я не ведаю. Ведаю, што аднаго камандзіра атрада па прозвішчу Шарава расстралялі партызаны за тое, што ён дзейнічаў ціхаміраўскімі метадамі - забіваў невінаватых не толькі дарослых, а і дзяцей. У вёсцы Пагарэлае Асіповіцкага раёна ён расстраляў дырэктара школы, звязанага з партызанамі, яго жонку і іх дваіх малых дзяцей. У кнігах ніхто не прачытае пра падобныя злачынствы, а толькі пра станоўчае і гераічныя подзвігі. Такая ўжо наша савецкая літаратура сацыялістычнага рэалізму. Каб скончыць пра тое, што рэкламуецца з партызанскай дзейнасці, апішу два выпадкі з дзейнасці ціхаміраўцаў. У вёсцы Балоча Пухавіцкага раёна была аднакамплектная пачатковая школа. У ёй працаваў настаўнік па прозвішчу Лейчык. Усяго правіннасці было ў яго, што працягваў, як раней, пры савецкай уладзе, так і пры немцах, рабіць настаўнікам. Працаваў ён, карыстаючыся савецкімі падручнікамі. Наконт падручнікаў было такое ўказанне нямецкіх улад: выкрасліць тыя месцы ў кнігах, дзе расхвальваецца Сталін. Што гаварыў настаўнік на ўроках пра Сталіна і Гітлера, я не ведаю. А пакаралі яго як здрадніка радзімы такім спосабам: вывелі на мост праз раку Балачанку, завязалі яму дротам рукі і ногі, аблілі газай і падпалілі. Лейчык жывым згарэў разам з мостам. Другі выпадак. У пасёлку Новая Балоча жыў малады хлопец па прозвішчу Кашагуба. Ён перад вайной скончыў тры курсы Бабруйскага медыцынскага тэхнікума. Калі прыйшлі немцы, ён жыў у сваіх бацькоў і працаваў на гаспадарцы. Быў камсамольцам. Ціхаміраўцы арыштавалі яго па падазрэнню ў сувязі з немцамі. (У Новай Балочы яшчэ з дарэвалюцыйных часоў жыла адна сям'я - па нацыянальнасці немцы. Кашагуба як быццам бы даносіў пра мясцовае жыццё праз іх нямецкім акупантам. Сям'ю гэту савецкіх немцаў таксама расстралялі.) Дапытваў Кашагубу партызан Іваноў Васіль Іванавіч, былы настаўнік Градзянскай сярэдняй школы. Дапытваючы, Іваноў калоў Кашагубу шомпалам, пранізваючы наскрозь. Той так і памёр, замучаны, але ні ў чым не прызнаўшыся, бо яму не было ў чым прызнавацца: ніякай сувязі з немцамі ён не меў. Потым гэта было ўстаноўлена партызанамі праз сувязных. Аб гэтым мне распавёў сам Іваноў пасля вайны ў 1946 годзе, калі ён быў інспектарам Асіповіцкага РАНА. [...] Зіму пражылі мы ў Новай Балочы ў сястры. Цесна было там. Хатка невялікая. Свае чатыры душы. Пасля пажару прыбавіліся бацька і маці ды нас шэсць чалавек - двое дарослых і чацвёра дзяцей. Але неяк зіму прагаравалі. А потым перабраліся на сваю сядзібу ў Маяку ў склеп, які застаўся пасля пажару. Я ўставіў у дзвярах невялікую шыбу, і тут мы сталі жыць. Пракарміць дзяцей было вельмі цяжка, хоць сваякі дапамагалі, чым маглі, дзелячыся апошнім. Хадзіў я на сякія-такія заробкі. У Новай Балочы Гурскім зрабіў грубку, у Такавішчы - ляжанку. Але даходы былі вельмі мізэрныя. Ісці працаваць да немцаў я не мог. Яны - ворагі, якія зрабілі шмат злачынстваў супраць маіх блізкіх, маёй сям'і, майго народа. Забыць усё гэта было нельга. Я лічыў, што і Гітлер, і Сталін заслугоўваюць таго, каб іх на адной асіне павесіць. Але я быў маленькай пылінкай у гэтай сатанінскай машыне, якая ламала, калечыла і забівала людзей. І думкі мае былі скіраваны толькі на адно, каб пракарміць сям'ю. Вясной стала крыху лепш: нарасло шчаўя, у рацэ лавілася сяды-тады рыба... Яшчэ зімой партызаны пачалі пагражаць мне: - Ты чаго сядзіш? Хочаш, каб іншыя вызвалялі радзіму, а ты... Не хочаш ісці ў партызаны, то ідзі ў паліцыю. А то даседзішся да таго, што расстраляем. Кожны дзень маглі прыйсці немцы і расстраляць мяне як уцекача з-пад расстрэлу. Кожны дзень маглі прыйсці партызаны і расстраляць мяне за тое, што я - былы савецкі настаўнік - не іду ваяваць з немцамі. Штосьці трэба было выбіраць. Вырашылі мы з жонкай, што я пайду ў партызаны. [...] Хачу расказаць адну гісторыю, пачутую ад партызан атрада Тарасава. Разведчыкі гэтага атрада забралі ў партызаны ў адным невялікім пасёлку дзесьці паміж Талькай і Мар'інай Горкай былога ваеннапалоннага (прыпісніка). Гэты ваеннапалонны ажаніўся з маладой настаўніцай і працаваў на сельскай гаспадарцы. Яго забралі ў патрызаны, калі жонка толькі што нарадзіла дзіця. Крыху паправіўшыся, гэта жанчына, не маючы сіл больш трэсціся ад страху, пайшла да нямецкага каменданта і стала расказваць, у якое цяжкае становішча яна трапіла: партызаны прыйшлі і забралі мужа, а цяпер, ведаючы нямецкія законы аб адказнасці за сувязь з партызанамі, яна кожны дзень памірае ад страху, што прыйдуць нямецкія салдаты, заб'юць яе і дзіця. Лепш бы ўжо хутчэй забілі, а то так жыць далей няма сіл... Камендант падумаў і сказаў: - Забіваць мы вас не будзем. Жывіце, гадуйце дзіця. Але калі ваш муж будзе прыходзіць да вас, каб атрымаць звесткі пра размяшчэнне нашых пастоў і іншае, то мы вымушаны будзем у інтарэсах нашай бяспекі прыняць адпаведныя меры. Таму лепш за ўсё перабірайцеся ў Мар'іну Горку, праца знойдзецца, і будзеце спакойна жыць. А яшчэ лепш, калі прыйдзе і ваш муж, пагаварыце з ім пра гэта. Праца знойдзецца і яму. І адпусціў камендант жанчыну дадому. Жанчына была рада, што так паварочваецца справа і, не дачакаўшыся, калі муж прыйдзе наведаць яе, сама накіравалася шукаць партызан. Ёй удалося іх знайсці. На заставе ў пасёлку Падкамень яна сказала, што прыйшла сустрэцца з мужам і папрасіла паклікаць яго з атрада. Выклікалі. Адзін партызан ці то па заданню, ці то па ўласнай ініцыятыве прымайстраваўся падслухоўваць, аб чым яны будуць гутарыць пры сустрэчы. І падслухаў, што жанчына расказала пра візіт да каменданта і прасіла, каб муж уцёк з атрада. Тады яны пераедуць жыць у Мар'іну Горку. Муж не згаджаўся ўцякаць з атрада і тлумачыў: - Немцы мяне ў спакоі не пакінуць. Яны загадаюць весці паказаць, дзе знаходзіцца партызанскі атрад. А гэтага я зрабіць не магу. Не магу прадаць людзей на згубу. Таму нічога не абяцаю. Доўга ён не згаджаўся на ўгаворы жонкі і на развітанне сказаў: - Ідзі дадому, а там пабачым... Гэта "там пабачым" каштавала яму жыцця. Што ён укладваў у тыя словы, які сэнс? Ці проста сказаў, каб адчапіцца ад неразумнай прапановы жанчыны, ці, можа, і на самай справе лічыў, што патрэбна абдумаць, як лепш паступіць. Філіпскі, калі яму перадалі аб падслуханай размове, загадаў яго расстраляць. Знішчылі і жанчыну. Забіў яе партызан, што падслухаў размову, і закапаў ва ўрочышчы Варшаўка, што знаходзіцца недалёка ад Маяка. Так двухтыднёвае дзіця адразу стала круглай сіратой - і без бацькі, і без маці... Хто ж паступіў больш дальнабачна, больш хітра, больш разумна - нямецкі камендант ці Філіпскі?" уверх |
||||