![]() |
|||||
| |||||
|
Настаўнікі Ярмакі |
Ярмакі
Ярмак Яўген Лявонавіч з жонкай. Фота 1913 года. Пяць настаўнікаў з такім прозвішчам працавалі ў школах нашага краю ў першай палове XX ст. Наталля Васільеўна Ярмак - маці Мікалая, Яўгена, Людмілы i Сцяпана. Нарадзілася яна ў 1856 г. у вёсцы Тонеж Мазырскага павета Мінскай губерні. Закончыла 6-класнае духоўнае жаночае вучылішча ў Парычах Бабруйскага павета ў 1874 г. Вядома, што ў 1912 г. яна працавала ў Пухавіцкім народным вучылішчы, а з 1913 г. у Суціне разам са сваім сынам Мікалаем. У 1922 г. яны абодва згадваюцца ў дакументах як шкрабы (школьныя работнікі) Суцінскай школы. Мікалай Лявонавіч Ярмак, 1887 года нараджэння, скончыў у 1907 г. Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З гэтага часу працаваў настаўнікам - у 1912 г. у вёсцы Угалец, у 1913-1926 гг. у Суціне, а з 1926 да 1946 г. жыў i працаваў у Арэшкавічах. Цяпер у нашай школе вучацца прапраўнукі Мікалая Ярмака - Алікавы Алег, Маша i Насця, Кінзякееў Сяргей. Людміла Лявонаўна Ярмак нарадзілася ў 1893 г. у Мінску, закончыла Мінскія 2-гадовыя педагагічныя курсы ў 1916 г. З 1918 г. працавала настаўніцай у Слабода-Талькаўскай школе. У 20-30-я гг. яе перавялі ў вёску Турын, i там яна працавала, напэўна, аж да самай пенсіі. Пасля вайны яна зноў пераязджае ў Тальку, напэўна, каб быць бліжэй да брата Мікалая, што жыў са сваёй вялікай сям'ёй у Арэшкавічах. Сваёй сям'і ў Людмілы Лявонаўны не было. Яўген Лявонавіч Ярмак нарадзіўся ў 1892 г., закончыў Нясвіжскую семінарыю ў 1912 г. У 20-я гг. працаваў ва Угодзінскай школе, потым з'ехаў у Расію, там таксама працаваў настаўнікам. Пра Сцяпана Ярмака вядома толькі тое, што ў 1925 г. ён працаваў настаўнікам у Капейніцкай школе Пухавіцкага раёна. Вось такая славутая сям'я Ярмакоў. Наталля Ільініч Матэрыял цалкам узяты са школьнай газеты "Талька" № 2, што выйшла ў 2002 г., да 90-годдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газета была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы "Павятовай газеты" і цэнтра "Супольнасць". уверх |
||||