![]() |
||||
| ||||
Ян Віктаравіч Корзюк
Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі. На сайт прыйшло пісьмо ад Франца Іванавіча Корзюка. Ён паведаміў нам невясёлую вестку - у Суціне памёр яго бацька, а наш добры знаёмы Ян Віктаравіч Корзюк. Гэта быў наш самы цікавы карэспандэнт у Суціне. Ён ведаў пра ўсё, што б мы яго ні спыталі: пра назвы ўрочышчаў і легенды, пра археалагічныя помнікі і пра касцёл св. Антонія, пра вайну і пра школу, пра паўстанне 1863 года і пра скарбы паўстанцаў, пра суцінцаў, што вярнуліся з сібірскай ссылкі і пра мясцовых знахараў. Ян Віктаравіч сам належыл да славутага шляхецкага роду, яго продкі прымалі ўдзел у паўстанні 1863 года. У 1944 годзе пайшоў у Чырвоную Армію - і ў першым жа баі быў цяжка паранены ў абедзве нагі, адну нагу ампутавалі, другая засталася перабітая. У 19 год - інвалід ды яшчэ і сын "ворага народа". З мараю стаць настаўнікам прыйшлося развітацца. Каб зарабіць на хлеб, стаў шаўцом і рымарам у Суціне. Са сваёй жонкай Станіславай Адольфаўнай (узгадваю, што ён неяк нам гаварыў, што без гэтай жанчыны ён не пражыў бы і дня) пабудавалі дом, нарадзілі трох сыноў і выгадавалі іх харошымі людзьмі. Калі мы ішлі ў паход у Суцін, ці ехалі туды з Калядою, ці з валачобным абрадам на Вялікдзень - мы ведалі, што ў цёплай, прыгожай, утульнай хаце Корзюкаў нам заўсёды будуць радыя. Ад нас пайшоў разумны, добры, інтэлігентны, сціплы (а можа гэта і ёсць шляхетнасць?) чалавек - Ян Віктаравіч Корзюк. Я і мае вучні, хто наведваў яго, назаўсёды запомнім яго такім. Мы выказваем спачуванне Станіславе Адольфаўне, дзецям, унукам, ўсім сваякам і сябрам Яна Віктаравіча. Пра жыццё Яна Віктаравіча Корзюка можна прачытаць у працы Ягора Пузыны "Чужы сярод сваіх" Ільініч Наталля Валянцінаўна, сябры краязнаўчага гуртка Талькаўскай школы уверх |
||||