на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 



Храмы

Археалагiчныя помнiкi

cелішча ля вёскі Вялікае Поле

гарадзішча ля вёскі Блужскі Бор

гарадзішча ля вёскі Мацеевічы

гарадзішча ля вёскі Церабуты

могільнікi і курганы

     сярэднявечныя крыжыкі

 

Сярэднявечныя крыжыкі з Асіповіцкага раёна


Артыкул асіповіцкага краязнаўцы Юрыя Клеванца цікавы і нам, жыхарам Талькаўскага краю, бо вёскі Грава і Амінавічы, дзе знойдзены апісаныя крыжыкі, знаходзяцца зусім недалёка ад нас. Такія знаходкі сведчаць пра даўнюю гісторыю нашых вёсак, а такія грунтоўныя і старанныя даследаванні могуць быць узорам для ўсіх, хто цікавіцца і займаецца краязнаўствам.

Гэтыя рэчы нельга назваць паўнавартаснымі ювелірнымі вырабамі, бо яны рабіліся з адносна танных матэрыялаў-медзі і яе сплаваў. Мастацкая вартасць іх таксама не надта вялікая, бо тут мы маем справу з сапраўднай "серыйнай" прамысловасцю: з адной каменнай формы вырабляліся сотні адлівак. Але ж у старажытнасці існавала свая шкала каштоўнасцяў. Так, напрыклад, звычайнае зараз каляровае шкло ў даўніну магло мець такі самы кошт, як і сапраўдны ювелірны камень.

Таксама і кошт малых прадметаў ювелірнага культу залежыў не толькі ад складанасці вырабу і мастацкіх вартасцяў. Але ж аб гэтым-ніжэй.

Першапачатковым цэнтрам распаўсюджвання медных ці бронзавых крыжыкаў (пра іх мы і вядзем размову ў гэтым артыкуле) стала тэрыторыя тагачаснай Візантыі-гарады Антыохія, Канстанцінопаль, Карынф, потым выраб крыжыкаў пачынаецца і бліжэй да нас-у Херсанэсе. На зямлі Старажытнай Русі гэтае рамяство так і называлася: "карсунская справа". Урэшце "карсунская справа" з"явілася і ў Кіеве, а потым-у Маскве.

Яшчэ раз нагадаю, што ў вачах сярэнявечнага чалавека крыжыкі з'яўляліся вялікай каштоўнасцю. Таму і распаўсюджваліся яны сярод людзей заможных. Знаходкі гэтых прадметаў дае падставу для нейкіх разваг і высноў пра сацыяльна-маёмасны стан насельніцтва на пэўнай тэрыторыі.

У Асіповіцкім раёне знойдзены два такія крыжыкі. Першы з іх з"яўляецца палавінкаю тыповага крыжа-энкалпіёна (грэч.), у перакладзе-крыж-складзень. Ён выраблены са сплаву медзі. Сучасны колер-шэра-жоўты. Памеры 42х23 мм. Мае выгляд лацінскага крыжа (між іншым, "лацінскі" выгляд у данным выпадку-не падстава для высноваў аб "заходнім" паходжанні гэтага прадмета: крыжыкі "лацінскай" формы існавалі ў Візатыі яшчэ ў 6 стагоддзі, калі да расколу хрысціянства было яшчэ вельмі далёка). Такія рэчы складаліся з дзвюх палавін, якія злучаліся засцежкай. Петлі ад засцежкі першага крыжыка добра бачны. На вонкавых частках такіх складняў былі рэльефныя або гравіраваныя выявы: на пярэднім баку-распяцце, на адваротным-Маці Боская. На перакладзіне крыжа часцяком рабіліся медальёны з выявамі асобных святых.

А зараз-пра тое, чаму энкалпіён лічыўся каштоўнай рэччу. Справа ў тым, што паміж палавінамі гэтага крыжыка закладваліся нейкія прадметы, якія з'яўляліся культавымі і асабліва шанаванымі для хрысціян: трэсачкі ад святога крыжа ці, напрыклад, валасы нейкага святога і да т. п.. Таму самі складні былі рэліквіяй, трымаць якую ў сям'і лічылася гонарам. Як і іконы, яны перадаваліся ад бацькоў да дзяцей. Сярод уладальнікаў такіх рэчаў былі, вядома ж, і служыцелі культу.

Вернемся да асіповіцкіх знаходак. Першы крыжык быў знойдзены каля вёскі Грава, на раллі падчас вясновых работ. Другі паходзіць з вескі Амінавічы, яго там знайшлі на агародзе.

Фота крыжыка з Гравы, пярэдні бок

Фота крыжыка з Амінавічаў, пярэдні бок

Малюнак крыжыка з Амінавічаў, пярэдні бок

Фота крыжыка з Амінавічаў, адваротны бок

Малюнак крыжыка з Амінавічаў, адваротны бок

Гэты апошні крыжык мае іншы выгляд. Па-першае, ён плоскі. Па-другое, ён мае больш вялікія памеры (58х41 мм) і больш простую (але ж таксама "лацінскую") форму. Па-трэцяе, зроблены ён са сплаву, у якім утрымоўвалася больш медзі: колер металу на тых месцах, дзе паверхня не пашкоджана карозіяй-чырванаваты. Гэты крыж, у адроненне ад першага, мае выявы з дзвух бакоў. Рысы рэльефаў другога крыжыка дрэнна захаваліся, але ж, відавочна, і першапачаткова былі больш прымітыўнымі. Таксама можна сказаць, што тое ж распяцце на другім крыжыку зроблена ў іншай мастацкай манеры.

На пярэднім баку гэтага прадмета-выява распяцця. Каб не ўзнікала непаразуменняў, над распяццем ёсць літары кірыліцы: ИХ.

Над галавой укрыжаванага і каля кожнай рукі-таксама нейкія выявы, моцна пашкоджаныя. Можна здагадацца толькі, што ўверсе зроблены яшчэ адзін крыж, а каля левай рукі-відавочна, нейкі святы лік.

На адваротным баку гэтага крыжа мы бачым уверсе, верагодна, віфліемскую зорку. Астатнія рэльефы адваротнага боку другога крыжыка дрэнна захаваліся і таму зараз немагчыма сказаць, што яны сабою ўвасабляюць. Па аналогіях трэба лічыць, проста пад зоркай стаіць Маці Боская, а па баках-медальёны з выявамі святых. Уверсе крыжыка маецца маленькая дзірачка.

Некалькі слоў пра месцы знаходак. Вёска Грава Асіповіцкага раёна сустракаецца на старонках археалагічнай літаратуры. У ёй зафіксаваны, напрыклад, каменныя сякеры, якія былі знойдзены ў гэтай вёсцы. Таксама там ёсць знаходкі прадметаў і больш позніх часоў. Ручай Граўка, колішняя рэчка, яшчэ на памяці старажылаў, да выпрамлення рэчышча, рабіў непадалёк ад вёскі маляўнічую пятлю з вірам, у якім купаліся, а таксама з высокімі і стромкімі берагамі. Зараз нічога гэтага ўжо няма.

На старонках дакументаў Грава з'яўляецца ўпершыню пад 1560 годам-у вядомам інвентары Свіслацкай воласці. Гэта вельмі старая вёска.

Амінавічы, як можна ўявіць, не менш старажытныя. У 16 стагоддзі, з якога зноў павялічваецца распаўсюджванне сапраўднай прыватнай уласнасці на зямлю на Беларусі, што, у сваю чаргу, прывяло да згадак пра асобныя вёскі у дакументах, Амінавічы, хутчэй за ўсё, былі часткаю аднаго з уладанняў вялікага сяла Пагарэлага. Само Пагарэлае, якое ўваходзіла раней у вялікую Свіслацкую воласць, перайшло ў прыватныя рукі яшчэ ў канцы папярэдняга стагоддзя. Уладальнікі гэтай часткі Пагарэлага і разам з ёй-Амінавічаў не былі магутнымі магнатамі, не мелі замкаў, таму і архівы іх не захаваліся. Упершыню "поле Оминовичское" згадваецца пад 1593 годам, у акце суседняга вялікага маёнтка Жыцін.

А зараз-аб тым, калі і дзе былі зроблены гэтыя два крыжыкі. Паводле літаратуры, першы крыжык з'яўляецца тыповым кіеўскім вырабам. Падобныя да яго энкалпіёны знаходзіліся пры раскопках шматлікіх гарадоў Старажытнай Русі. Як лічаць даследчыкі "карсунскай справы", каменныя формы, прыстасаваныя для атрымання адлівак са складаным рэльефам, з'явіліся ў кіеўскіх майстроў у другой палове 12 стагоддзя. Таму і часам вырабу першага крыжа можна назваць канец 12-першую палову 13 стагоддзяў.

З другім крыжыкам усё больш складана. Аўтар гэтага артыкула не знайшоў прамых аналогій гэтага прадмета ў літаратуры. Таксама ёсць сумненні, што гэта ўвогуле энкалпіён, бо рэльефы на ім знаходзяцца і на пярэднім баку і на адваротным. Між іншым, даследчыкі ўказваюць на яшчэ адзін спосаб выкарыстання медных крыжыкаў: у якасці дэкаратыўнага элемента ў ланцужках, на якіх падвешваліся, напрыклад, свяцільнікі. Уверсе і ўнізе нашага крыжыка ёсць нейкія выступы, якія можна лічыць адломкамі засцежак, але ж яны маглі быць і петлямі, каб прымацоўвацца да ланцуга.

Калі пайсці далей, то па форме і па стылю адлюстравання выявы Хрыста гэты прадмет больш за ўсё нагадвае менавіта візантыйскія энкалпіёны. Але ж літары ИХ гавораць аб славянским паходжанні гэтай рэчы.

Уверсе крыжыка, над галавой Хрыста, ёсць маленькая адтуліна. Пярэдні бок находкі з Амінавічаў пашкоджаны меней за адваротны. Гэта можа сведчыць аб тым, што крыж шмат часу насілі на грудзях паверх адзення. Між іншым, адтуліны і пацёртыя адваротныя бакі -характэрныя рысы самых старых энкалпіёнаў, якія разглядаюцца ў літаратуры. Відавочна, калі ламаліся засцежкі, то крыжы не выкідваліся, а насіліся на грудзях яшчэ шмат часу.

Але ж пара рабіць нейкія высновы.

Каб неяк скасаваць супярэчнасці, азначаныя вышэй, трэбы пагадзіцца з тым, што другі крыжык быў выраблены на тэрыторыі Візантыі, але для продажу ў славянскае асяроддзе. У гэтым выпадку можна лічыць, што ён выраблены ў 11-12 стагоддзях (менавіта ў 11 стагоддзі ў візантыйскіх майстроў з'явіліся каменныя формы для ліцця, якія давалі магчымасць перадаваць дробныя складаныя рэльефы; да таго малюнак на крыжы гравіраваўся).

Таксама верагодным будзе і такі варыянт: гэтая рэч была зроблена у Кіеве, але ж па больш старажытнаму ўзору. Паколькі ліццё ў каменныя формы зафіксавана на славянскіх землях пазней на стагоддзе, чым у Візантыі, то ў выпадку "рускага" паходжання крыжыка, ён мае і аднолькавую з энкалпіёнам з Гравы дату вырабу: 12-13 стагоддзе.

Таксама вельмі верагодна, што гэта не энкалпіён, а так званы "наперсны" крыж.

Крыніцы і літаратура.

1. Литовская метрика. Т. 1, стлб. 19, док.№4 (1473 год) //Русская историческая библиотека, т. 27, СПБ, 1910 г.

2. Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 694, воп. 5, справа 9, л. 10 (1593 год).

3. Тамсама. Ф. 1769, воп. 1, справа 7, л. 178-181 (1560 год).

4. Алексеев Л. В. Мелкое художественное литьё из некоторых Западно-Русских земель. // "Советская археология", №3/1973.

5. Даркевич В. П., Пуцко В. Г. Произведения средневековой металлопластики из находок Старой Рязани.// "Советская археология" №3/1981 г.

6. Л. У.Дучыц. Крыжы-энкалпіёны.//"Мастацтва Беларусі" №6/1983 г.

7. Корзухина Г. Ф. О памятниках "корсунского дела" на Руси. //"Византийский временник" №14/1958.

8. Куницький В. А.Близкосхідні енколпіёни на територіі Південноі Русі. //"Аргеологія" №1/1990.

9. Б. А. Рыбаков. Ремесло Древней Руси. М., 1948.

Юрый Клеванец

уверх