на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

  Што я ведаю пра Еўропу

Конкурс

Дзень першы

Дзень другі

    Дзень трэці


Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

Тракайскі замак



Мы знайшлі Скарыну ў Вільні

 

Дзень трэці

Тракайскі замак

Праграма нашага візіту у Літве на трэці дзень пачыналася з наведвання Тракайскага замка. Адразу пасля сняданку мы селі у маршрутнае таксі і накіраваліся ў адну з галоўных гістарычных адметнасцей Літвы.

Пра Тракайскі замак, мне здаецца, чуў кожны, хто калі-небудзь адкрываў падручнік па гісторыі Беларусі ў часы ВКЛ. Тракайскі замак (па-беларуску Трокскі) знакаміты тым, што ў свае часы там жылі вялікія князі Гедымін і Вітаўт. Пачатак будавання быў закладзены Гедымінам у першай палове 14 стагоддзя і дабудоўваўся на працягу астатняга часу і да нашых дзён. Многія мае знаёмыя, убачыўшы Трокі на фотаздымках, былі ўпэўнены, што гэта Мірскі замак. І сапраўды, знешне яны падобныя. Замак знаходзіцца на востраве пасярод возера Галава. Пабудаваны ён з чырвонай цэглы, мае 4 вежы з вострымі дахамі і байніцамі, жылое памяшканне, і канешне, як і любы сярэдневяковы замак пад'ёмны мост на вялізных ланцугах (які на жаль зараз не працуе).

У цяперашні час Тракайскі замак з'яўляецца даволі буйным турыстычным цэнтрам сучаснай Літвы. Тут вельмі вельмі шмат розных выстаў, экскурсій і неабмежаваная колькасць гандлёвых шапікаў з бурштынавымі ўпрыгожваннямі і завоблачнымі цэнамі. Наша экскурсавод завяла нас у залу, дзе калісmці праводзіў ваенныя і палітычныя паседжанні Вялікі Вітаўт. Далей мы накіраваліся на выставу прылад катаванняў і пакаранняў. Па прыходу туды ў маёмй памяці ўсплыла апошняя сцэна з фільма "Адважнае сэрца". Уражанні былі не з прыемных пасля ўбачаных калоў, пілаў, шчыпцоў, расцяжак, "паясоў вернасці", нажніц, плётак і іншых жахаў.Затым выставы усялякіх пячатак, курыльных трубак (нават трубак для курэння опіума). Па ад]езду ў нас засталася шматлікая колькасць фотаздымкаў і гара успамінаў. І вось зноў Вільня, гатэль і ўжо амаль родныя пакоі.

Пошукі беларушчыны

Пасля абеду, перад ад'ездам у нас быў вольны час і мы вырашылі самі працягнуць нашу экскурсію па старому гораду. Вільня знакаміта не толькі вузкімі вулачкамі але і тым што ў свае часы тут друкаваў свае кнігі Францыск Скарына. На наша вялікае здзіўленне ні наша экскурсавод па старому гораду, ні Рэната не ведалі , дзе знаходзіцца гэты будынак. Таму мы вырашылі самі накіравацца на яго пошукі. І на дзіва хутка знайшлі. Гэты невялікі будынак знаходзіцца на вуліцы Вялікая, 19, з мемарыяльнай дошкай , дзе па-беларуску і па-літоўску напісана:"З 1522 да 1525 году тут у горадзе Вільні беларускі асветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі". Сумна, чаму такі важны факт з гісторыі ВКЛ застаўся без увагі гідаў і нават не ўключаны ў экскурсію па старому гораду.

Што яшчэ хацелася б пабачыць у Вільні? Вуліцу Завальную, дзе ў пачатку XX ст. была рэдакцыя "Нашай Нівы". Базыльянскія муры, дзе жыў Кастусь Каліноўскі да арышту ў 1863 годзе. Дом Пётры Сергіевіча. Беларускі музей Івана Луцкевіча.

Гара Гедыміна

Незаўважанай экскурсаводам засталася яшчэ адна адметнасць старой Вільні - Гара Гедыміна. Калісьці ў стагоддзі так 14, на вочы князя Гедыміна трапіла гара на беразе Віліі, прыгледзіўся ён да яе і вырашыў - неблагое месца было б для агляду ўсёй сталіцы Княства. На тым і вырашылі. На гэтай гары была пабудавана вежа з якой было бачна ўсё наваколле. І сапраўды, вялікі горад, сталіца дзяржавы, здаўся нам зараз лялечным гарадком, які ляжыць у нас на далоні. Акуратныя домікі, чырвоныя дахі, зеляніна дворыкаў і хуткая дынаміка вузкіх вулачак злівалася ў адно стракатае палатно, акуратна пасцеленае на берагах Віліі. Я ўяўляю як выглядаў бы гэты цуд увечары.

Акрамя рамантычных карцін, з Гарой Гедыміна для мяне звязана яшчэ і гісторыя. Па некаторых звестках там пахаваны кіраўнік наўстання 1863 года - Кастусь Каліноўскі. А дзеля таго каб гара не стала месцам пакланення паломнікаў, царскія ўлады правялі пахаванне таемна.

Хацелася б застацца тут назаўсёды, але трэба адыходзіць, бо нас чакае наша родная Беларусь (ні грама не горшая за Літву, а можа нават і лепшая, бо родная).

Вось і ўсё. Падыходзіць к канцу наша падарожжа. Застаецца толькі развітацца з утульнымі пакоямі на вуліцы Садовай, да якіх паспелі прывыкнуць, і з мілай Рэнатай, якая у маёй памяці застаецца ўвасабленнем Літвы. Аўтобус, дарога, лясы, палі, вёскі, літоўская граніца, беларуская граніца. І вось яна, Беларусь, якая сустракае нас зімшэлымі хаткамі і на дзіва густымі, роднымі лясамі. Наперадзе яшчэ шмат ўспамінаў і фінальны конкурс.

Фінальны конкурс

За вакном свеціць цёплае сонейка, а мы сядзім ў школе і рыхтуемся да фінальнага конкурсу, бо галоўны прыз каштуе такіх ахвяр - тыдзень у Брусэлі. Хваляванне пераходзіць ўсе разумныя межы.

Галоўны конкурс праходзіў у будынку пасольства Літвы. Вялізны, са шклянымі сценамі ён выглядае вельмі прадстаўніча (шчыра кажучы, госцяй такога высокага ўзроўню мне даводзілася быць першы раз). Нас сустрэла аташэ літоўскага пасла Іавіта Праневічутэ, прыгсжая дзяўчына сапраўднага балтыйскага тыпу. Ля ўваходу мы сустрэлі нашых першых сапернікаў - каманду з Беларускага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Час пераапрануцца і ... пазнаёміцца з астатнімі сапернікамі. Акрамя ліцэя імі былі каманда з Расонаў і вескі Дзераўное Стаўбцоўскага раёна. І вось даўгачаканы момант - конкурс пачынаецца. Вядучым гэтага мерапрыемства быў знакаміты "дылетант" - Юры Жыгамонт. Пачатковыя словы былі дадзены высокім гасцям -паслу Літвы на Беларусі, польскаму паслу на Беларусі, дэпутату Еўрапарламента ад Польшчы, яны павіталі ўдзельнікаў і пажадалі поспехаў.

Конкурсы былі тыя ж, але значна цяжэйшыя. У візітоўках нашы сапернікі прадстаўлялі Кіпр, Балгарыю і Італію. Асабліва мне спадабалася, як ліцэй прадстаўляў Кіпр. Таму наш нямецкі танец на гэтым фоне выглядаў даволі блякла. Затым расказ пра сябе. Мне здаецца, што беларускія народныя песні ў нашым выкананні спадабаліся польскаму паслу. Пасля каверзныя пытанні журы падкасілі наш непераможны дух і канчаткова збілі нас з панталыку. На гэтым конкурсе мы добра адсталі ад нашых сапернікаў, і да канца гульні мы так і не змаглі скараціць гэты разрыў.

Затым быў конкурс на разважанне - "Ці можна назваць Беларусь еўрапейскай краінай?" Было прыведзена шмат рознапалюсных аргументаў. І напрыканцы гульні мы канчаткова зразумелі што галоўны прыз нам ня свеціць. Перамагла каманда з Расонаў і, на мой погляд, цалкам заслужана. За ўдзел у конкурсе нам падаравалі шмат цікавых кніг.

На маё ўласнае здзіўленне, мы не вельмі гаравалі, бо сапраўды, калі яшчэ выпадзе такая цудоўная магчымасць пазнаёміцца з высокімі гасцямі нашай краіны, пабываць у літоўскім пасольстве і так шмат даведацца новага пра ЕС і НАТО. Мы назіралі артыстычныя прадстаўленні іншых каманд, уласна пазнаёміліся з Юрыем Жыгамонтам. Ды і чаго бедаваць, калі набыў столькі новай карыснай інфармацыі і знаёмстваў. Мне здаецца, што такія конкурсы вельмі патрэбныя нашай краіне. З іх дапамогай моладзь будзь больш даведвацца пра Еўропу, пра адносіны паміж краінамі, і сапраўдныя адносіны іншых краін да нашай.

Мне гэты конкурс дапамог разумець палітыку ў крыху іншым, больш блізкім, да мяне свеце. Раней мне здавалася, што гэта нешта вельмі далёкае ад мяне, а зараз я разумею, што я ёсць неад'емная частка маёй краіны і я адказваю за яе будучыню. А дзеля таго, каб гэта будучыня была добрай, мы павінны назіраць, чытаць , супастаўляць, вучыцца на вопыце іншых, рабіць вывады і будаваць яе так, як нам будзе лепш. Таму хачу шчыра падзякаваць арганізатарам конкурсу - пасольству Літвы, пасольству Польшчы на Беларусі, таварыству імя Рабера Шумана на Беларусі і асабіста аташэ літоўскага пасла Іавіту Праневічутэ за арганізаваную для нас незабыўную вандроўку ў Вільню.

Ільініч Дар'я вітае чытачоў "Раніцы" з вескі Талька Пухавіцкага раёна

уверх