на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Чарнобыль у лёсе адной сям'і

Чужы сярод сваіх

Беларуская свабода

Дзікая прырода ў квадраце

Звяно ў ланцугу

  Што я ведаю пра Еўропу

Конкурс

Дзень першы

    Дзень другі

Дзень трэці


Фатаграфія як жывая гісторыя

Талька і наваколлі

Талькаўскія скарбы

Алена Мазанік

Прэзентацыі

Два тыдні для грамадства

С.П. Аляшкевіч

Талькаўскі край у гады вайны

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"


У Рукле развяваюцца сцягі НАТО




Па вузкіх вулках старой Вільні.

 

Дзень другі

Рукла

Пад'ём, сняданак, добрай раніцы, Вільня! З горада выязджаем а восьмай гадзіне раніцы. Пераезд цягнуўся недзе гадзіны паўтары, і вось мы на месцы.

Рукла - вучэбная вайсковая часць імя Януша Радзівіла (!). Літоўцы служаць у арміі 1 год, з яго 3 месяцы у Рукле, дзе вучацца вайсковаму майстэрству. Вучэбнае абсталяванне камп'ютэрызавана. У часы СССР гэта была звычайная ваенная часць, якіх шмат і на Беларусі. Пасля распаду СССР тут былі войскі незалежнай Літвы. А пасля ўваходу Літвы у НАТО (2004 г.) - часць была пераабсталявана па стандартах НАТО. Зараз у Рукле ўсяго 1000 чалавек, а ўся армія Літвы 58 тысяч (на Беларусі каля 80 тысяч). Капітан Альбінас Шуманас правёў нам экскурсію па казармах, прыгожых і чыстых, паказаў узбраенне, расказаў крыху пра гісторыю. Надышоў час абедаць - і нас завялі ў салдацкую сталоўку. Тое, што мы ўбачылі, нас вельмі здзівіла: кожны мог сам падабраць сабе ежу на свой густ, фрукты, і сапраўдны апельсінавы сок! У працэсе паглынання ежы нам склалі кампанію 2 прыемныя літоўскія салдаты Рымул і Армун. Згадзіцеся, якой беларускай дзяўчыне было б не цікава пазнаёміцца з літоўскімі хлопцамі? Ад іх мы даведаліся пра ўнутранае жыццё арміі. У свабодны час яны могуць гуляць у більярд, глядзець тэлевізар, яны не робяць " чорную " працу па абслугоўванні (для гэтага існуюць спецыяльныя работнікі), іх задача вучыцца. На адваротным шляху дождж намачыў наша адзенне, але настрой і ўражанні засталіся нязменныя - проста супер!

Старая Вільня.

Вільня заснула зноў,

І ў яе вачах не пагас агонь.

Тут, ля сівых муроў,

запаліла кроў мне яе далонь.

С. Сокалаў-Воюш

Вільня, пра цябе ўжо столькі складзена песен, вершаў. Тваімі вузенькімі вулачкамі і акуратнымі, лялечнымі дворыкамі любаваліся многія беларускія паэты. Твае брукаваныя дарогі, чырвоныя дахі, цёплы свет ліхтароў можна адчуць у песнях Сяржука Сокалава-Воюша, ў вершах Максіма Багдановіча. Вось і мы вырашылі ўпэўніцца ў незвычайнасці гэтага горада. Уперад, на Вільню!

Наша экскурсія па старому гораду пачалася ад знакамітага будынка - Віленскага універсітэту. Наша гід расказала нам легенду пра Барбару Радзівіл і пра Чорную Кнігу Магіі, якая калісці захоўвалася ў бібліятэцы ўніверсітэта. Яна была вельмі здзіўлена тым, што мы добра ведалі гэтыя легенды і ўвогуле гісторыю ВКЛ - "літоўскай" дзяржавы.Усе літоўцы чамусці ўпэўнены: ВКЛ было менавіта літоўскай дзяржавай і не звяртаюць увагі на тое, што ў ВКЛ дзяржаўнай мовай была беларуская, 90% насельніцтва - беларусы, і большая частка зямель беларускія. Усе нашы аргументы былі выслуханы з ветлівым здіўленнем.

Далей мы накіраваліся да галоўнай плошчы, на якой стаіць прэзідэнцкі палац. Там мы доўга не затрымаліся і адразу прайшлі да Кафедральнага сабора - фундамента ўсёй літоўскай культуры. У яго архітэктуры яскрава выдзяляюцца бялюткія класічныя калонны і франтон са скульптурамі святых. На жаль, мы наведалі яго ў час касметычнага рамонту, таму дасканала разгледзець яго знешнасць мне не ўдалося. А вось унутры чысты класічны стыль са сваёй прапарцыянальнасцю і непаўторнасцю. Мы зайшлі ў адну з бакавых капліц-нефаў, там на алтары ляжыць труна з мошчамі Казіміра, а бакавыя сцены размаляваны фрэскамі, на якіх адлюстраваны цуды, якія ён рабіў. Увогуле я не веру ў такога тыпу легенды, але паслухаць было даволі цікава. Мы даведаліся, што там пахаваныя шмат хто са славутых асобаў ВКЛ. А ўжо пасля, прыехаўшы дадому, з кніжкі В. Калніна "Мірскі замак" я даведалася, што там пахаваны Юры Ільініч - стваральнік Мірскага замка (спадзяюся мой далёкі продак).

Пасля па сапраўды вузкіх і ўтульных вуліцах старога гораду мы падышлі да даволі незвычайнага месца - 3 храмаў. Яны абсалютна розныя па стылях архітэктуры: святой Ганны, святога Мікалая і касцёл бенедыктынцаў. Больш за ўсё мне спадабаўся касцёл святой Ганны. Ён уражвае сваёй велічнасцю, узнёсласцю. Храм пабудаваны з чырвонай цэглы з велізарнымі завостранымі шпілямі, лёгкі, быццам цацачны, здаецца гатовы падняцца ў неба. Касцёл святой Ганны з'яўляецца важнейшым прыкладам усходнееўрапейскай готыкі. Нават Напалеон, уражаны гэтым відовішчам сказаў: " Калі б я мог змясціць гэты касцёл на далоні, то перанёс бы яго ў Парыж!" А побач касцёл святога Мікалая, у архітэктуры якога можна пабачыць і баракальныя завіткі, крывыя лініі і невялікія рэнесансавыя вежы з вострымі дашкамі. Тут наша гід расказала нам яшчэ адну легенду пра святога Бенядзікта, апекуна Вільні. Але не будзем спыняцца на адным месцы, наперадзе нас яшчэ чакаюць "Святыя вароты", якія беларусы называюць Вострай Брамай.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую,

За краіну радзімую жах, -

Успомню Вострую Браму святую

І ваякаў на грозных канях.

Вось так пісаў пра Вострую Браму Максім Багдановіч у вершы-песні "Пагоня". Я і цяпер не разумею, чаму яе называюць вострай. На самай справе яна абсалютна прамавугольная, а над самім уваходам мы пабачылі старадаўні герб ВКЛ - Пагоню.

Далей мы накіраваліся да ратушы - галоўнага адміністрацыйнага будынка гораду. Незвычайную веліч гэтаму будынку надае бялюткая чысціня і класічныя калонны.Ратуша стаіць на велізарнай плошчы, на якой адбываюцца важныя падзеі: святы, мітынгі, прадстаўленні, а раней - яшчэ і пакаранні смерцю злачынцаў. Пра пакаранні нам расказалі такую гісторыю. Доўгі час у Вільні не было ката, таму што гэта прафесія была зусім не прэстыжная. Па-першае, страх перад Богам за забойства, а па-другое, ніхто не хацеў ісці замуж за чалавека, ў якога рукі ў крыві. Жанчынам, якія былі прыгавораны да пакарання смерцю, прапаноўвалі ці выйсці замуж за ката, ці прыняць смерць. Жанчыну, якая згаджалася на шлюб з забойцам, не паважалі і нават баяліся. Яна павінна была насіць чорныя пальчаткі, па якіх яе пазнавалі. Людзі абыходзілі яе бокам, а гандляркі ў якіх яна што-небудзь купляла, старалася не браць прама з яе рук грошы. Гэта гісторыя вельмі ўразіла нас, і калі ў Акропалісе мы ўбачылі гандлярку ў чорных пальчатках, то ў нашых галовах прамільгнула гэта гісторыя пра ката.

Акропаліс

Раз я ўжо згадала пра Акропаліс, то прыдзецца расказваць усё па парадку.Адразу пасля вячэры мы накіраваліся ў Акропаліс.

Яшчэ днём Рэната папярэджвала нас, каб мы не марнавалі грошы абы-куды і набраліся сілаю і цярпеннем, бо напрыканцы 2-га дня мы едзем ў Акропаліс - буйнейшы гандлёвы і забаўляльны цэнтр Літвы. Яна нам не зманіла - сіла, цярпенне і, канечне, грошы нам былі вельмі неабходныя. Магазіна такіх памераў я ніколі не бачыла ў сваім жыцці і, спадзяюся, што больш не ўбачу. Я ўвогуле не люблю вялікія і шматлюдныя магазіны, але тое што я ўбачыла, мяне проста збіла з ног. Велізарная пабудова плошчай недзе каля 2 км.2 вышынёй ў некалькі паверхаў (у колькі дакладна не звярнула ўвагі, бо было зразумела, што нам хопіць аднаго). Мы дамовіліся сустрэцца праз 3 гадзіны ў гэтым самым месцы. За 3 гадзіны мы не абышлі поўнасцю першы паверх і нават не знайшлі лесвіцу на другі паверх, разоў шэсць заблудзіліся і проста падалі з ног. Усе выхады былі вельмі падобныя адзін на другі, таму знайсці месца сустрэчы нам пашчасціла толькі пасля 40-хвіліннага, істэрычнага пошуку. У гатэлі ногі нас здрадліва не трымалі і ўжо толькі лежачы ў ложку, бурна абмяркоўвалі ўбачаныя за гэты вечар цікавыя "фішкі". Наша шопінгаманія была вычарпана месяцы на 2 уперад.

уверх