на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

Паходы па краю

Паход уверх по Свіслачы

Паход на Жужлянку

  Паход па старых сядзібах і храмах:

Мэты пахода

Сарафін

Каменка

Мацеевічы

Маёнтак пана Булгака

Замачак

    Гісторыя чалавечага жыцця

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Гісторыя чалавечага жыцця

Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі.
Фота 1980-ыя гг.

Нарадзіўся Ян Віктаравіч Корзюк у вёсцы Суцін у шляхецкай сям'і ў 1926 годзе. Гэта сям'я Корзюкаў была незвычайная. Сярод удзельнікаў паўстання 1863г. супраць расійскага царызму знаходзім імя Франца Корзюка, 25 год. Ён быў адзін з шасці маладых людзей з аколіцы Суцін, што пайшлі ў атрад Станіслава Ляскоўскага, які дзейнічаў у Ігуменскім павеце. За ўдзел у паўстанні 22 шляхецкія сям'і з Суціна выслалі па загаду Мураўёва ў Томскую губерню. У гэтым спісе знаходзім пад нумарам 17 сям'ю Корзюкаў: "Дворянин Франц Антонов Корзюк, 25 лет, жена его Анна 20 лет, дочь Анюта 1 год, Франца сестра Антонина 27 лет, её сын Игнатий 2 года, Аполлинарий 3, брат Иосиф 20 лет".

Вось так сям'я Корзюкаў у поўным складзе была сарваная з роднага Суціна. Мы мяркуем, што гэта былі продкі Яна Віктаравіча. Некаторыя з сасланых суцінцаў у канцы XIX cтагоддзя вярнуліся дамоў. У 1890 г.ужо ў Суціне ў сям'і Корзюкаў нарадзіўся хлопчык Вінцэсь (Віктар). Сям'я была вялікая - 9 дзяцей, чацвёра хлопцаў і пяць дзяўчат. А зямлі было ўсяго 16 дзесяцін. У 7 год Віктара аддалі вучыцца ў школу ў вёску Жыцін, а потым яшчэ на дзве зімы ў Блонь. У 1912 годзе яго прызвалі ў армію. У Мінску закончыў школу сяржантаў, а тут і першая сусветная вайна пачалася. На фронт быў накіраваны ва Ўсходнюю Прусію і там трапіў у палон. У палоне працаваў у баўэра аж да 1921 года: даглядаў скаціну, касіў, араў. Толькі ў 1921 годзе па Балтыйскім моры праз разбураны Петраград вярнуўся дамоў.

Тут, у Суціне абралі Віктара старшынёй сельсавета, прарабіў два гады, потым кінуў, бо загадвалі забіраць скаціну ў людзей. Не падабалася гэта бацьку Яна Віктаравіча, таму перайшоў у сельскую гаспадарку працаваць. Прыстаў у прымы да Мальвіны Скіндэр (з дому Вярыгаў, з Рэпішча). У яе было ўжо 2 хлопчыкі- Пётр і Франц.А першы муж юнай удавы Ян Скіндар быў расстраляны бальшавікамі ў Ігуменскім астрозе ў 1920г. За тое, што быццам бы "хацеў стварыць польскую партыю", калі была савецка- польская вайна ў 1919-1920гг.

У Мальвіны і Віктара нарадзіліся Ян, а потым двойня Вікця і Стась (памерлі малыя), потым Віктар (жыў у Растове-на-Доне, памёр у 1995 годзе). З імі яшчэ жыў бацька першага мужа Мальвіны - Уладзіслаў Скіндэр. "Дзед Уладка, - ласкава ўспамінае Віктар Францавіч,- быў душой сям'і. Раіў бацьку па гаспадарцы, дапамагаў чым мог". Памёр Уладка ў 1934 годзе. Вось такая вялікая дружная сям'я. Ян Віктаравіч смяецца: "Толькі ў 7-ым класе задумаўся, чаму гэта ў старэйшых братоў Пятра і Франца прозвішча Скіндэры , а ў мяне і малых Корзюк. Відаць, бацька не дзяліў дзяцей на сваіх і чужых, да ўсіх ставіўся аднолькава, з любоўю."

Жылі на хутары на Птычы, бо яшчэ да нараджэння Яна ў 1925г. пераехалі туды. Калі ў Суціне пачалася калектывізацыя, іх сям'і дазволілі жыць на хутары, бо бацька касіў сена, а зімой яго старажаваў для калгаса, і за гэта лічылася, што ён калгаснік. У іх была невялікая гаспадарка: 2 каровы, з 10 калод вулляў, таксама сеялі бульбу, жыта, грэчку. Брат Пётр працаваў трактарыстам, а потым шафёрам. Сам Ян летам пасвіў калгасных цялушак - 53 галавы. Адзежу маці ткала сама. "Спачатку новую, як апранеш - жорстка, а пасля таго, як пасціраюць бялізну 2-3 разы,- мякка." Ужо ў 1939г. пачалі сцягваць хутары. Нам выдзелілі 60 сотак зямлі у Суціне, дапамог калгас перавезці хату і іншыя збудаванні ў вёску, далі для гэтага 10 падвод. За працу ў калгасе давалі жыта, бульбу - жылося някепска" - успамінае Ян Віктаравіч.

У 1941 годзе Ян скончыў 7 класаў і збіраўся паступаць у тэхнікум на настаўніка, як старэйшы брат Франц, але не паспеў, бо пачалася вайна.

Вайна... Гэта самае жудаснае вынаходніцтва чалавецтва. Не толькі да Яна Віктаравіча вайна аднеслася сурова. На франтах, у палоне загінуў кожны чацвёрты беларус. У маім Талькаўскім сельскім савеце загінула 190 чалавек на франтах і ў партызанах, ды яшчэ 280 яўрэяў немцы расстралялі ў пачатку вайны.

У канцы чэрвеня 1941 года немцы прыйшлі ў вёску. У тым чэрвені, яшчэ да немцаў, Ян хадзіў капаць меліярацыйныя канавы, за гэта атрымаў 150 кг жыта і яны выратавалі сям'ю ад галоднай смерці ў пачатку акупацыі. Спачатку новыя ўлады не распускалі калгасы. Немцы загадалі выбраць старшыню і бургамістра.

Ян Віктаравіч успамінае: "Сабраўся сход ў школе, бацька не хацеў ісці і паслаў на яго мяне. Прыйшоў я, сеў на апошні рад і слухаю.Абралі старшынёю калгаса Анціка Панятоўскага, а яго намеснікам Антося Міцкевіча Пачалі абіраць бургамістра.Той не можа, той не хоча. Нехта сказаў:" Няхай Віктар будзе, ён жа ў тую вайну быў у палоне і ведае нямецкую мову." Усе пагадзіліся. Хацеў я сказаць , што мой бацька не згодзіцца, але мяне ніхто не паслухаў, нават прыкрыкнулі: "Маўчы, малы, не твая справа." Прыйшоў я дамоў, паведаміў пра сход бацьку, ён аж збялеў. Кажа: "Вось не было гора, што ж цяпер рабіць?" Хоць і абралі майго бацьку на такую сабачую працу, але стараўся зрабіць, каб людзям было лепей. Цяжкая гэта праца: днём немцы з паліцаямі, а ноччу партызаны. І усе патрабуюць есці - як ім дагадзіць? 120 акружэнцаў прыпісаў бацька ў Суцін, а калі іх адпраўлялі ў лагер для ваеннапалоных, дык некаторым падказаў, што трэба ўцякаць. Вясной 1942 года гэтыя акружэнцы арганізавалі атрад імя Суворава ў лесе за Суціным.

Аднойчы да нас прыйшоў з асобага аддзела партызанскага атрада чалавек Вясялоў і сказаў, каб бацька тэрмінова адмовіўся ад пасады бургамістра. "Мы цябе ведаем, што ты наш чалавек, але ўсім гэта не раскажаш. Цяпер партызан ў лесе шмат, прыйдуць , хату спаляць і заб'юць." Бацька напісаў заяву і перадаў справы Суцінскай воласці ў Тальку.

Увогуле ў Суціне ў паліцыю, у самаахову пайшло шмат людзей - каля 30 чалавек - і не былі яны набрыддзю, падонкамі, якія ратавалі толькі ўласную скуру. Хаця былі і такія. Ян Віктаравіч лічыць, што такая вялікая колькасць людзей, перайшоўшых на бок немцаў, ёсць водгулле таго факту, што Суцін спрадвеку быў падзелены на католікаў і праваслаўных, шляхту і мужыкоў.

Гэта процістаянне прагледжваецца праз усю гісторыю Суціна. У паўстанні 1863г. удзельнічала Суцінская шляхта, а сяляне дапамагалі ўладам лавіць паўстанцаў, рабаваць іх дамы, а потым атрымлівалі іх маёмасць.У 30-ыя гады ў час калектывізацыі сяляне разам з уладамі раскулачвалі шляхту. Ну а ў вайну многія суцінскія шляхецкія сем'і сталі ўдзельнікамі паліцыі, самааховы. Партызаны палілі іх дамы, растрэльвалі сем'і. Ян Віктаравіч успамінае, што ў Суціне было партызанамі растраляна 22 сям'і. Сапраўдная грамадзянская вайна.

А бацьку пасля вайны арыштавалі за тое, што быу бургамістрам у гады вайны і саслалі ў Мардовію. 2-3 чалавекі партыйцы тады падпісаліся, што кажухі забіраў у людзей - і нічога нікому не даказаў. Хоць людзі і гаварылі, што нічога дрэннага ім Корзюк, як быў старастам, не зрабіў. Ганна Адамаўна Татур, жыхарка Суціна, былая настаўніца, сказала нам, што Корзюк быў харошы чалавек, для людзей стараўся. Але следавацель Зюзін і слухаць нічога не хацеў. 10 год Віктар Корзюк адбыў у Мардовіі. Перажыў голад, холад, а сям'я яго ў Суціне адчувала адрынутасць: бацька - "вораг народа".

Віктар Францавіч расказваў, як у Мардовіі яго выратавала ваўняная даматканая світка - выменяў у аднаго мясцовага жыхара за яе пуд бульбы. Гэта бульба выратавала яго ў самы цяжкі галодны час. Еў па тры бульбіны ў дзень. Так перажыў голад. З Суціна сям'я мала што магла паслаць бацьку, бо самі галадалі.

1 ліпеня 1944г. быў вызвалены Суцін, і Яна (яму тады былор ўжо 18 год) прызвалі на фронт. Вайсковай справе іх вучылі на хаду. Шмат кіламетраў прайшлі яны пешшу. Ішлі аж да Польшчы. Тут, у Польшчы, ля горада Пултуйск, на рацэ Нараў, што на адлегласці 90 км ад Варшавы адбыўся першы і апошні ў жыцці Яна бой. З успамінаў Яна Віктаравіча: "Мы не думалі, што будзе столькі крыві і забітых. Як толькі мы пачалі падыходзіць да маёнтка, нас адразу ж пачалі абстрэльваць з мінамётаў. Міны рваліся зусім побач. Шмат нашых людзей было забіта адразу. Некаторыя паспелі толькі прабегчы некалькі метраў і падалі- або забітыя, або параненыя. Пачалася страшэная паніка.Усе кудысці беглі, усе нешта крычалі.

У нашым атрадзе было шмат армян. Мне на ўсё жыццё запомнілася, як яны нешта крычалі на сваёй мове, як падалі забітыя, параненыя. Як таварыш дапамагаў таварышу...Гэтага забыць нельга." Сам Ян паспеў прабегчы толькі каля трохсот метраў і быў паранены асколкамі міны ў абедзьве нагі.

Толькі пасля вайны Ян зразумеў, што гэта была "разведка боем". Не для таго быў той бой, каб вызваліць яшчэ частку Польшы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а толькі для таго, каб даведацца, дзе знаходзяцца нямецкія кулямёты, мінамёты і іншая зброя. Гэты выпадак адзін з многіх, якіх было шмат у гады Вялікай Айчынай вайны . Военачальнікі не шкадавалі людзей, ім было галоўнае выканаць загад "зверху". Лічылася лепш зберагчы танкі , самалёты і іншую зброю , чым людзей.

Пасля бою Ян прайшоў 14 шпіталяў. У Харкаўскім шпіталі яму ампутавалі левую нагу. Спачатку было ўсё не так дрэнна. Пытанне аб ампутацыі і не ставілася, хаця правая нага была перабіта ў трох месцах, але сасуды былі цэлыя. А ў левай толькі кавалачак касці адкалоўся. Здавалася, ўсё будзе добра, але на левай назе пачалася гангрэна. Ян нічога не мог есці, не хацелася. "Пякло, як у гарачай смале." Ян не мог спаць, ад хлопца засталася адна скура і косці. "Асабліва мне запомніліся мае пазногці. Яны зрабіліся белымі, як у нябожчыка. Дактары бачылі, што калі яны будуць цягнуць і не адрэжуць нагу, то я памру." У 18 год, калі яшчэ ўсё жыццё наперадзе, Ян застаўся без нагі вышэй калена, а правая ледзь згінаецца.

Ян Віктаравіч успамінае, што ў шпіталі быў такі выпадак: "У час абходу разам з урачом быў маёр-яўрэй, ён бачыў, які я быў да аперацыі, як пасля яе цяжка ішоў на папраўку. Не хацелася есці. Доктар сказаў, што добра было б мне даваць дзеля апетыту па лыжцы гарэлкі вечарам і раніцай. Але дзе ўзяць тую гарэлку ? Ежы і той у шпіталі не хапае. Медсястра сказала, што гарэлку можна купіць на рынку, але каштуе бутэлька гарэлкі аж 100 рублёў. Тады гэты абсалютна незнаёмы мне чалавек даў медсястры сто рублёў, загадаў купіць на гэтыя грошы бутэльку водкі і кожны дзень па дзве лыжкі выдаваць мне . Хто быў гэты чалавек? Чаму ён так зрабіў? А я нават прозвішча яго не дазнаўся..."

.Справы Яна пайшлі на папраўку. Ён стаў паціху ачуньваць. "Мне было цікава было назіраць, як мае пазногці пачалі з белага колеру мяняцца ў натуральны чырванаваты колер."

У 1945 годзе Ян вярнуўся ў пасляваенны Суцін.

Брат Пётр зноў працаваў шафёрам у абласным ваенкамаце.

Вельмі цяжка жылося ў пасляваеныя 1946-1947 гады - усяго 9 коней на ўсю вёску было. Але Ян не мог працаваць за плугам, бо быў пакалечаны. Што рабіць, як жыць далей, як зарабіць кавалак хлеба? І Ян вырашыў пайсці вучыцца да Гурскага Васіля шыць боты. Потым пайшоў працаваць у арцель, якую арганізаваў Хадкевіч Віктар. За працу ў арцелі атрымліваў 9 кг мукі ў месяц, на гэта і жылі. Праз 4 гады арцель разышласябо жыццё пачало паляпшацца.

У 1948 Ян ажаніўся са Станіславай Адольфаўнай. Жонка працавала ў калгасе, на палявых работах, а Ян Віктаравіч быў дома і працаваў рымарам. Рабіў хамуты, сёдлы, церазсядзёлкі, глядзеў за дзецьмі, займаўся хатняй гаспадаркай, сам пабудаваў дом для сваёй сям'і.

У Станіславы і Яна нарадзілася трое сыноў. Старэйшы Франак, 1949г. нараджэння, названы ў гонар старэйшага брата, што загінуў на фронце. Франак скончыў Рыжскае авіятэхнічнае вучылішча, а потым радыёфізічны факультэт БДУ . Зараз працуе загадчыкам камп'ютарнай школы пры БДУ. У яго двое сыноў: Віталь, Эдуард. Віталь праграміст, а Эдзік працуе на тэлебачанні, наладжвае апаратуру. У другога сына, Віктара, 1950г. нараджэння, што жыве ў Вілейцы, сын Янка і дачка Оля. Віктар (сын Яна), закончыў БІМСГ, але працуе галоўным інжынерам у ЖКГ горада Вілейка.У 1951г. нарадзіўся трэці сын Бронік. Ён скончыў ваеннае вучылішча ў Ленінградзе, жыве там і сёння.

Віктар Францавіч вярнуўся з Мардовіі ў Суцін у 1955 годзе.

Было яму тады ўжо 65 год. Працаваў яшчэ ў саўгасе, жыў з сям'ёй сына. Памёр ва ўзросце 90 год, у 1980г.

Вось якую пакручастую дарогу жыцця даў ім Бог.

Бацьку - два нямецкія палоны, стараства ў Суціне, 10 год сталінскіх лагераў. Сыну - калецтва ў 18 год (левую нагу ампуціравалі вышэй калена, а правая ледзь згінаецца, перабіта ў трох месцах ), кляймо "сына ворага народа". Марыў стаць настаўнікам, а стаў шаўцом і рымарам. Але, відаць, няма тых выпрабаванняў, якія чалавек не змог бы вытрымаць. Бацька і сын годна прайшлі па жыцці, і засталіся людзьмі.

уверх