![]() |
|||||
| |||||
![]() Паходы па краю Паход па старых сядзібах і храмах: Каменка |
КаменкаПасля фэсту мы трохі адпачылі, паелі і пайшлі далей, у Каменку. Тут мы доўга размаўлялі з людзьмі: Ядзвігай, Мікалаем і Алай Кургановічамі, Уладзімерам Шамаком, Марыяй Сямёнаўнай Рабцэвіч. Яны расказалі нам, што Каменка утварылася ў сярэдзіне 19 ст, калі пан высяліў з Мацеевіч трох братоў Шамакоў. А вось Сямён Рабцэвіч ведае, што яго дзед пераехаў з Блоні, купіўшы зямлю ў Каменцы, у канцы 19 ст і з таго часу жывуць тут Рабцэвічы - вялікі працавіты род. Вёска невялікая- двароў 40, але жылых толькі палова, самыя маладыя - сям'я Мікалая і Вольгі Шамакоў - ім ужо па 55-60 год. Дзяцей у Каменцы няма - ніводнага. Толькі на канікулы прыязжаюць да бабуль і дзядоў з гарадоў малыя. Вось такая дэмаграфічная сітуацыя ў гэтай беларускай вёсачцы. Але зараз чэрвень - і таму ўтульная зялёная вуліца Каменкі поўніцца дзіцячымі галасамі. Ала Кургановіч жыве ў Мінску і працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Са сваёй 3-хгадовай дачушкай яны завялі нас да помніка расстраляным фашыстамі каменцаў. За сувязь з партызанамі на гэтым месцы была забіта сям'я Радзюкоў з 10 чалавек. У гэтым сумным спісе ёсць дзяўчынка, якой было 2 гады. Цяпер на магілцы стаіць помнік, відаць, што нехта яе даглядае, але уражанне на нас гэта гісторыя зрабіла вельмі цяжкае. Марыя Сямёнаўна Рабцэвіч паказала нам свае вышыванкі. Уся хата яе - навалачкі, пакрывалы, абрусы, ручнікі, сурвэткі - усё зроблена -вышыта яе рукамі. Цётка Марыя і цяпер у вольны час працягвае вышываць.Падзівіўшы-ся на прыгажосць у хаце Рабцэвічаў, мы пайшлі далей па вуліцы. Яшчэ адна цікавая асоба, што трапілася нам на нашым шляху- Уладзімер Іванавіч Шамак. У яго 60 калод пчол. Пра пчол ён ведае ўсё, вельмі любіць гэтую справу.Пры чым пчолы гэта для яго не прафесія, а хобі. Працаваў жа Уладзімер Іванавіч шафёрам у Талькаўскім санаторыі. Пагутарыўшы з жыхарамі в.Каменка, і трохі адпачыўшы, мы накіраваліся ў наступную вёску- Мацеевічы. Мацеевічы вельмі старая і цікавая вёска. Згадваецца яна ў пісьмовых крыніцах 16 ст.. Тут мы напаткалі вельмі цікавы гістарычны помнік- старую, драўляную, напалову разбураную капліцу. Ад жыхароў мы даведаліся гісторыю гэтай царквы - царквы Іллі Прарока. Некаторыя архіўныя звесткі пра Мацеевічы, капліцу і маёнтак Булгака ёсць у нашым школьным музеі. уверх |
||||